Боль Сербіі

 

Шумадзія — сэрца Сербіі
I боль яе невыносны.
Нізіны — таполі срэбныя,
Горы — чорныя сосны.

Але чарнейшы за дрэвы
Быў дзень,
Як стралялі дзяцей...
Народная памяць не дрэмле,
Яна ўсё ясней і чысцей.

Хацелі бацькоў запалохаць,
Забралі са школы малых.
Вялі іх між гор
Сінім логам,
Дзе восені пах і смалы.

Спакойна ішлі пяцікласнікі
На гібель,
На верную смерць...
У хмарныя дні і ў ясныя
Бяссмерцю тут вечна гарэць.

Назаўтра усе цыганяты —
Чысцільшчыкі ботаў чужых
Пакінулі звычны занятак
У чэсць аднагодкаў сваіх.

Не чысціць забойцаў,
Не чысціць!
Закідаць гразёй гэту дрэнь.
I брудныя боты фашыстаў
Былі у крыві цэлы дзень.

I вось паляцела расплата:
Паблізу ад сербскіх сяброў
Адважныя цыганяты
Палеглі ў скрываўлены роў.

Літасці не прасілі,
Ворагам слалі праклён...
Дэсанка,
Дэсанка Максімавіч,
Паклон Вам,
Нізкі паклон!

Не знаю, ці ўдасца нам стрэціцца
Ізноўку ля Савы-ракі.
Агнём незгасаючым свецяцца
На помніках Вашы радкі.

Штогод пачынаюць званкамі
Тут Школьны Вялікі Урок.
А людзі з вянкамі, з вянкамі
Сцішаюць жалобны крок.

А полымя ружаў і макаў
На ўсіх кантынентах відно.
I я над магіламі плакаў
I піў з цыганамі віно...

Мы памяці мёртвых не здрадзілі,
Навечна спляліся яны —
Званочкі журботнай Шумадзіі
I нашай Хатыні званы.