Бойні свету у крыві і сале...

 

Бойні свету у крыві і сале,
На садах зямлі — атрутны пыл.
Колькі раз гісторыю пісалі,
Кожны набіваў на свой капыл.

А яна жыла, і бунтавала,
I сама тварылася сабой,
Нараджала, раны бінтавала,
Памятала ўсё пра кожны бой...

Кожны дзень, не ведаючы зморы,
Пра вайну расказвалі дзяды;
Везлі ўнукаў у Хатынь да гора,
Чорныя паказвалі сляды.

Дзеці за падручнікі заселі,
Дыхалі віхурамі атак.
I чаму — яны не разумелі —
Сумна ў гэтых кнігах і не так.