Ты яшчэ гэтага, сэрца, не знала,
Хоць і прайшло праз вайны ураган...
У Асвянціме ляжалі навалам
Косы жаночыя.
Шэры курган.
Тыя жанчыны пакутліва зніклі...
Хочацца з гэтага месца ўцячы...
Гэта ніколі не зробіцца звыклым —
Пільна ўглядайся і гнеўна маўчы.
Раптам убачыў я збоку ў той грудзе
Косы дзяўчынкі і белы каснік.
Хто ты, малая пакутніца?
Людзі,
Перадсмяротны вы чуеце крык?
...Як у дзяўчатак у косах убачу
Сёння маленькі такі каснічок,
Сэрца пакіне мяне і заплача,
I на хвіліну наваліцца змрок.