Апалашчуся хвалямі вятроў...

 

Апалашчуся хвалямі вятроў
I белым воблакам я вочы свае вымыю...
Стаміўся трохі ад сваіх сяброў,
I ад мяне стаміліся сябры мае.

Адвыклі мы ад простых добрых слоў
I перажоўваем штодня старыя ісціны...
Кіпяць дубы ўсхвалёванымі лісцямі
Пад воблачнымі крыллямі буслоў.

Здаецца, ўсё я ў вас адкрыў, сябры,
А тоіце там нешта, дык прытойвайце.
Не страціце ніколі вы прытомнасці,
Як сосны, бурай збітыя ў бары.

Ну колькі тых паэтаў ёсць у нас?
Чатыры альбо пяць,
А ўсё астатняе —
Наіўны сон,
Адна магіла братняя
Няздзейсненых задум тваіх, імклівы час.

I я такі ж няздзейснены,
Такі ж
Недакапаны да вады калодзеж,
А ісціну хлуснёй не пазалоціш,
Яна са мной, як пахавальны крыж.

Чаму мы часта цешымся лухтой?
А вершы — галавешкамі ачахлымі.
Гляджу на воблакі —
I слёзы на вачах маіх,
I добра, што не бачыць іх ніхто.

А нехта ж прыйдзе мудры, як дзіця,
I пазірне туды, куды глядзелі мы,
I пятніцы ўсе зробяцца нядзелямі,
I ў вершах зазвіняць званы жыцця.