Анкета

 

Ох, як не люблю запаўняць я анкеты!
І хто гэта выдумаў столькі анкет?
Дай волю анкетам — звядуць нас са свету
Дазнаннем, накшталт:
Чым займаўся твой дзед?

I дзе я народжаны, ці ўзнагароджаны...
Я сёння даю самы важны адказ:
Я вершы пішу, бо душа растрывожана
Любоўю і болем за кожнага з вас...

Адзін пра Адэсу, другі пра Смаленшчыну
Да скону ўсё піша, а трэці пра лес.
А што мне рабіць, калі мне не завешчана
З маленства ніводнай, ніводнай з Адэс?

Я ведаю: родная хата ўсім дорага —
Бярозка на ўзгорку, дзіцячы ручэй.
А хата мая была скрадзена ворагам
З калыскі, з яшчэ невідушчых вачэй.

Дзяцінства маё — ўсё цяплушкі ды прыстані.
Юнацтва — на змену раёну раён.
А дзе ён, мой кут?
I плывуць прамяністыя
Дарогі радзімы да сённяшніх дзён.

Радзіма ка мне не куточкам адмераным
Прыйшла і сказала: пішы пра мяне.
Радзіма мяне блаславіла на вернасць
І мінскім барам, і крамлёўскай сцяне.

Мне люба і ціхая вёска з ракітамі,
Дзе я ў сямігодцы вучыў дзетвару;
I Волга — Радзімы дарога блакітная,
Дзе я сустракаў з хваляваннем зару.

Пра ўсё расказаць бы з суроваю ласкаю —
Пра шчасце і смутак, пра радасць і гнеў,
А слова часамі прыглушана бразгае,
I песні няма той, якой бы хацеў.

Калі мая песня каго й хвалявала,
То тая, апранутая у шынель...
Растрачана дзён незаротных нямала
На дробязь, на глупства, на тосты, на мель.

I хоць я з дарогі ніколі не збочыў,
Не вешаў на ўласнае сэрца замок, —
Пільней углядацца маглі б мае вочы,
Зрабіць я павінен быў большае, мог.

I тут не злітуецца сорам пякучы,
I тут не прашэпчаш трусліва: «Прабач...»
Няхай сто разоў абарвуся я з кручы,
Хай крышацца косці ад розных няўдач, —

Настойліва зноў запаветнае слова
Шукацьму, каб нехта ў апошняй з анкет —
На камні магільным пад гоман сасновы
Мог выбіць адно толькі слова: паэт.