Акіяніда

 
                              Акіянскія жыхары
                              звяртаюцца да людзей:

«Веды вашы вытканы з туману, —
Так, паверхні слон, як пяць на пяць.
Поўныя сакрэтаў, акіяны
Побач з вамі то равуць, то спяць.

Глыбока, ва ўтульных катакомбах,
Форумы праходзяць часта ў нас.
Скардзіцца народ на вашы бомбы,
Нас вы ўжо калечылі не раз.

Прагнеце расправіцца вы з намі,
Задушыць, расплюшчыць, растаўчы.
Мы сакрэт тайфунаў і цунамі
Разгадаць вам можам памагчы.

Знаем мы расклад землетрасенняў,
Вы ж усё аб нафце ды рудзе.
А пад намі вечнае кіпенне
Просіцца да вас,
Ажно гудзе.

Ёсць свае ў нас Азіі, Еўропы,
Дзівімся мы з вашых: ну і ну!
Вывучаем вас праз перыскопы —
Сытыя, а вечна — пра вайну.

Змайстраваны рэчы вашы груба,
Вельмі прымітыўны ваш дызайн.
I пажартаваць тунцы ў нас любяць:
«Карабель у іх, як дыназаўр».

Моладзь ваша зарасла ўся шэрсцю
I слабая целам без лускі.
Як іншапланетныя прышэльцы,
Ловяць нас на вострыя кручкі.

Вогненнай вадою самак пояць,
Самі дрэнь з бутэлек мутных п’юць;
Труцяць сцерлядзь, 
А ядуць такое,
Што акулы нават не глынуць.

Пішаце пра мора вы кантаты,
Слова ў іх галоўнае — «карма».
А з народам вадзяным кантакту
Усё няма...
Ці мудрасці няма?

Мы дэльфінаў пасылаем спрытных
У разведку —
Да братоў браты.
Цырк, дый годзе!
Зноў за алгарытмы
Узяліся мудрыя кіты».