Акіян

 

Хоць крышачку,
Хоць кропельку
Пра Афрыку,
Пра тропікі...

Я не лішні ў родным доме,
Дзень на плечы ўзвальваю.
Толькі мучыць,
Толькі томіць,
Б'е у сэрца хвалямі

Акіян, акіян,
Сіняя Атлантыка!
Восем штормаў у запасе —
Позняя рамантыка.

Усе рэкі — сваякі,
I азёры — сваякі,
I ўсе моры — сваякі,
А ён не сваяк нікому.
Дбае пра мацерыкі,
Напасае на вякі
Корму.
Ён любіць найбольш за ўсё —
Маякі,
Чырвонага вока
Мірганне.
А дзеці яго — рыбакі, маракі,
Ахрышчанын ураганам.
У акіяна сакратаўскі лоб,
Усюды даследчыя фермы.
Задумаўшы новы чарговы патоп.
Ён слухаў Эйнштэйна і Фермі.

На сінім гарбе ён сузор'і вязе,
Ды часам сыходзіць з арбіты,
Лухту фантастычную гнеўна вярзе,
Мяне падбівае: зрабі так!

Ён любіць навінкі.
Ухопіць за бок
Падводную лодку, «паларысы»
Ды возьме на свой акіянскі зубок, —
I лодка ляжыць у паралюшы.

Ён самы славуты калекцыянер,
На дне — шмат музеяў прасторных.
Ён самы багаты акцыянер
У справе тайфунаў і штормаў.

Ён можа так страшна, так гнеўна рыкаць
У сотні ільвіных глотак.
Ён можа пяшчотна насіць на руках
Прапашчую самую з лодак.

У добрым настроі ён нават плыты
Прапусціць ад краю да краю.
Ды будзьце крыху асцярожней.
Прытым
Пляваць на сівога не раю.

Убачыць: знаёмы плыве капітан —
На міг карабель загайдае
I гонкі дэльфінаў наладзіць.
Кітам
Арбітрамі быць загадае.

Ды мае і слабасці грозны стары:
Прыбоямі цешыць ён Афрыку.
Яе агнявая натура гарыць,
Спявае стазвоннаю арфаю.

I гэты сівы уладар навальніц —
Скажу па сакрэту вам шчыра, —
Ля ног сенегалак ён падае ніц,
Як самы бязвольны мужчына.

А хлопец прысядзе на цёплай жарстве
З дзяўчынай, —
I ён зараўнуе:
Нахмурыцца раптам,
Як бык, узраве
I мірны заліўчык зруйнуе...

Сустрэліся пяць мы, здаецца, разоў,
Пражыў з ім увогуле з месяц,
Ды чую: пульсуе па-новаму кроў
На зорным салёным замесе.

На нашых палях — ледзяная зіма,
Я ў нейкай шпакоўні зімую.
Заву акіян,
А яго ўсё няма,
I сэрца па штормах сумуе.