Паміраў у санбаце наш друг дарагі,
Ён ведаў, што памірае.
Паклікаў голасам, поўным тугі,
Сяброў з пярэдняга краю.
I перш чым сэрца замоўкнуў стук,
Аддаў ён таварышам з роты —
Аднаму партсігар, другому муштук,
А мне свой адрас і фота.
У вёску яго не хадзілі лісты:
Стаяла яна па-пад Бугам...
А потым і Буг перабраўся ў тыл,
І волю трэ выканаць друга.
Лягчэй у баі цэлы месяц мне быць,
Чым сёння пастукацца ў хату,
У матчыным сэрцы надзею забіць,
Стаяць і маўчаць вінавата.
Я самую доўгую выбраў з дарог,
Ды вунь каміны ўжо дымяцца...
Вайна, вайна...
О, не дай вам бог
Прыйсці замест сына да маці.