Ад'езд маладой

 

Бубны! Бубны!
Грукачыце, бубны!
Расступайцеся, дзяўчаты,
Расступайцеся, дзяды!
У шаўровых чаравіках,
У адзенні шлюбным
Пад руку вядзе нявесту малады.
Запявайце, маладзіцы,
Дружна!
Рассыпайце, маладзіцы,
Ружы!
Расчыняйце ўсе вароты
Насцеж!
Пажадайце на дарогу
Шчасця!
Дугі ў красках,
У стужках коні.
Шоры бразгаюць
I звоняць.
«Ну, дачушка, — бацька кажа, —
У шчаслівы пуць!
Не саром сямейку нашу,
Добрай жонкай будзь».
Маці ж той не да гаворкі, —
На расстанні плача горка.
А падружкі раззлаваліся:
«Ты, Марылька, здрадніца.
Лепш бы ты не мілавалася
З Міхасём да раніцы».
«Мы ж, — клянуцца, — самі
Век не выйдзем замуж».
— Но, пайшлі, стаеннікі!
— Бывайце здаровы!
Ля варот — затор.
Хлопцы сталі ў рад суровы —
Непраходны бор.
«Гэй, жаніх, гані нам выкуп
I багаты і вялікі
За кужэльныя косы,
За блакітныя вочы,
За вішнёвыя вусны!»
I паехалі удалеч каля рэчкі, каля лоз.
Нашу слаўную дзяўчыну брыгадзір суседні звёз.
А на вуліцы, на вуліцы — ігрышча ў поўны ход.
Звоняць бубны, рэжа скрыпка,
Весяліцца наш народ.
Чутны жарты, піск і рогат. Нехта песеньку вядзе:
«Упілася ж я, ўпілася... Хто дадому давядзе?»