Абывацелі

 

Іхні дом змайстраваны лоўка
Каля мутных спакойных рэк.
Гэблем вылізаныя шалёўкі
Прыкаваны цвікамі навек.

Тут закон — у закут свой цягні ўсё.
Абмяльчэлае племя хапуг!
Душны свет іх даўно загніўся,
Атлусцеў, да брывей запух.

Дні напластваюцца, як копаць,
Без вялікіх трывог і падзей.
Спяць, ядуць, і капейкі копяць,
I зайздросцяць шчасцю людзей.

О, яны цябе стрэнуць ветліва.
Ты для іх дарагі, ледзь не бог,
Ды з пагардаю непрыкметнай
З галавы агледзяць да ног.

Да касцюма твайго прыцэняцца:
Глупства! Танны зусім тавар.
Распытаюць, ці ёсць хто ў цэнтры,
I гарэбліна скрывяць твар.

I пакуль языкам стане мулка,
Яны сліняць твой выгляд і рост.
А пасля на крывых завулках
Абмінаюць за дзесяць вёрст.

Яны проста не глянуць у вочы,
Ўсе прыкметы і іх «не к дабру»...
Белізна вышываных сарочак
Прыкрывае стагодні бруд.

Дзе ім ведаць, як вішні ў цвеце
Шалясцяць пад агнём зарніц.
Як вячэрнія зоркі свецяць
У бяздоннай імгле крыніц.

Дзе ім ведаць пра дружбу ў паходзе,
Калі, стомлены доўгім днём,
Рад сябрам памагчы ў нягодзе,
Падзяліцца апошнім рублём.

Вось ён, свет блакітна-зялёны:
Скарбаў безліч — бяры, не хачу!
За чабор, за расу на клёнах
Я любоўю вялікай плачу.

Я хацеў бы раз’ятраным ліўнем
Змыць і сплавіць старую цвіль,
Каб у самай глухой даліне
Пышна сад пладаносны расцвіў.

Каб не кратала ўласнасці плесня
Чалавечых прыгожых душ,
Каб паэты складалі песні
Не з нянавісці — з сонца і руж.