Меднастволы, як вылiты, высiцца бор, Зацвiтае на ўзлессi блакiтны чабор, Заглядзелася сонца ў люстра азёр, – Гэта ты, мая Беларусь! Сiнi ранак. Дзяўчына збiраецца жаць, На плячы маладзiк – серабрысты серп, А наўкол налiўныя сады ляжаць, Бурштыновыя яблыкi ў расе, – Гэты ты, мая Беларусь! Я нямала прайшоў за вайну дарог, А цябе такой непаўторнай збярог… Бой мацнее! Я хутка к табе прыйду, Да грудзей набалелых тваiх прыпаду, Пакланюся лясам i палеткам шырокiм. Толькi цяжка праходзiць апошнiя крокi Да цябе, мая Беларусь! Толькi страшна мне думаць пра тую хвiлiну, Калi гляну ў вочы я роднай краiне. Буду хату шукаць, – а знайду руiны, Буду мацi гукаць, – адгукнецца магiла На пагосце старым пад вярбою пахiлай. Што ж, якой ты нi будзеш – i ноччу, i раннем, Я пазнаю цябе, я не здраджу табе. Перанесла ты гора i катаваннi I зрабiлася мне даражэй i радней. Асушу твае слёзы, Залячу твае раны, Кожны лiст твой распраўлю рукою старанна. Насаджу каля вёсак сады маладыя, Каб ты вечна цвiла I ў шчасцi расла, Дарагая мая Беларусь!