Зноўку тупаць давядзецца, Падышла, відаць, пара, Ад дзіцячага вядзерца Да дзявочага вядра. Там я трохі прыпынюся. Не зганю хоць смагі той, За навуку пакланюся Кузні чорнай і старой. Ад світання да абеду Малаткі у ёй гулі. З той пары я добра ведаў, Што такое вухналі. I зязюлі там кувалі, І на кожнае «ку-ку» Кавалі, брат, забівалі У падкову па цвіку. А ў мяне па кожным разе Сэрца — як шалёнае... Кавалёва цурка Казя — Каснікі чырвоныя — Ім прыносіла аладак, Сыраквашы ў гладышы... Пахне грэчкаю на лядах, Сонца з мёдам на душы. А далей зязюлі сховы, Дурнап'ян і буякі. Тут ні следу, ні падковы, А ігліца — як цвікі. Сустракайся і не кайся: Мы ж не злыдні нейкія, Што ж ты, Казя, Казя, Казя, Гасіш вочы вейкамі? Пагасіла. Назаўсёды... Друг, прашу — на двух налі! То не годы, не паходы — Колюць сэрца вухналі.