У сорак першым

 

Жоўты месяц у пчаліных сотах,
I ляціць ад зор пчаліны звон.
Спіць на лузе пыльная пяхота,
Бомбы не ірвуць салдацкі сон.

Перш чым леглі, цэлы месяц беглі...
Адпачынак крохкі і малы.
Над ракой туман узняўся белы,
Маскіруе чорныя ствалы.

Камандзір чакае данясення,
Думае аб жонцы маладой:
«Эх, навошта паспяшыў з вяселлем...»
Смерць і рэўнасць ходзяць над вадой.

Ёсць вінтоўка і махоркі пачак.
Ёсць ватоўка, хлеб і зрэдку боршч.
Б'ешся чэсна ты, а людзі плачуць,
I на сэрцы ўсё цяжэй і горш.

Будзе ганьба. Будзе акупацыя.
Будзе потым пераможны май.
А пакуль што вокліч: «Акапацца!»
Уставай, салдат, і зноў капай.

Тэхніка пазней загрукатала.
А найбольш запомнілася нам,
Як сапла, варочала, крахтала,
Ціха мацюкалася вайна.

Ноч капалі моцныя акопы,
На світанні — зноўку адступаць...
Мы перакапалі паў-Еўропы,
Перш чым перамогу адкапаць.