Пасля вандровак

 

Чаканне радасней здзяйснення:
I ў свята часам нудзімся.
Шуканні і перасяленні,
Мы ў вашым рытме круцімся...

Жыві, працуй,
А там, глядзіш,
Мясцком дасць атэстацыю —
I ты да караблёў ляціш,
Мінаючы ўсе станцыі.

Бадзяешся, цікавішся
I праўдаю, і казкамі...
Музеі ватыканскія,
Халупы афрыканскія.

Падзівішся на Нотр-Дам
I Луўрам ты насыцішся.
А лепш, калі з людзьмі і там
На добрым слове сыдзешся.

Адразу робіцца прасцей
Зямля з птушыным гоманам.
Пшаніца добрая расце
Пад Рымам, як пад Гомелем.

Сустрэнеш каля нільскіх вод
Бусла свайго палескага
I вернешся на цеплаход,
Усцешаны паездкаю...

Пабачыў: плаваюць кіты,
Сустрэўся з насарогамі.
А людзі ўсюды, як і ты,
З турботамі, трывогамі...

На моры гул і неспакой,
За хваляй хваля коціцца.
Убачыць родны бераг свой
Табе да болю хочацца...

Сысці на станцыі малой,
Дзе гай ды неба ціхае,
Дзе пахне сонцам і смалой
Ды птушаняты ціўкаюць,

Дзе глушыць колаў перастук
Палеміка сарочая,
Дзе мальвы свецяць на вярсту
З лахматых агародчыкаў.

Чмялі над кветкамі басяць,
Гудуць над сапяжанкаю.
— Ну што, нагойсаўся, басяк,
Спаткаўся з парыжанкамі?

Праўленне.
Тэлефон звініць,
Удакладняе графікі.
— Адкуль?
I хочацца зманіць,
Ды буркнеш ціха:
— З Афрыкі...

Круглеюць вочы друга...
— Што ж,
А мне дык хоць бы выспацца...
Кароткатэрміновы дождж
На пыл дарожны сыплецца.