Раз'юшаны вірам клубіўся агонь,
Лізаў гарачыя рэйкі,
I з болем глядзелі з далін на яго
Бездапаможныя рэкі.
Цяжкі паравоз ад самоты загуў
На ўвесь свой пракураны бас,
Як быццам хацеў пра сваю тугу
Сказаць у апошні раз.
Як быццам паскардзіцца ён хацеў
Сонцу, дрэвам і водам,
Што ростані час, як віхор, наляцеў,
Што адступаем на ўсход мы.
Маўкліва і горда вакзал дагараў,
I доўга за сінім возерам
У травах густых, у барах заміраў
Суровы плач паравоза.
Масква адбівала лавіны атак,
Краіна сілы збірала,
I ён калоны магутных танкаў
Вазіць стаў на фронт з Урала.
Байцоў на славу і подзвігі вёз,
Назад ледзь цягнуў трафеі.
Сек яго вецер, марозіў мароз,
Душыла зімовая вея.
Сцярвятнікі чорныя ноччу і днём
З-за хмар на яго палявалі.
Жалезнае цела палілі агнём,
Свінцовым дажджом палівалі.
А ён залечваў раны і — зноў
На захад, дарогаю простай;
Сухі перастук рассыпаў між палёў,
На колы наматваў вёрсты.
I з кожнай пуцёўкай бліжэй і бліжэй
Разбітая родная станцыя.
Там голас ягоны зямля беражэ,
Хавае, як скарб, ад паганцаў.
I хутка ўжо людзі яго сустракаць
Выйдуць з хацінаў знявечаных,
I дрогне жалезны голас гудка
Радасцю чалавечай.