Памяці М. Святлова

 

I сыплецца снег, і знікае...
Начных галасоў перакат.
«Страхуйце жыццё!» — заклікае
Зялёны электраплакат.

Начныя хлуслівыя зоры,
Вялікі ўстрывожаны свет...
«Старык, а ты знаеш кантору,
Жыццё дзе страхуе паэт?»

Картавы, ласкавы твой голас,
Слабенькі удар па плячы...
А дзе ж ты? Нікога наўкола...
Сумленне, хоць ты не маўчы:

Паэты жыццё не страхуюць,
Паэты адкрыта жывуць,
Часамі без грошай кукуюць,
Гарэлку пякучую п'юць.

I ўсе назаляюць занадта:
«Ах, Міша, такі ды сякі...» —
Зайздроснікі і мецэнаты,
П'янчужкі і літбасякі.

Прыяцелі хмура бядуюць,
Чыноўнікі шэпчуць: «Распад...»
Паэт нават ім не шкадуе
Свой досціп аддаць для цытат.

Зайздроснікі моршчацца: «Міла...»
Ды лічаць крупінкі удач.
А сэрца паэта ўмясціла
Ўвесь боль чалавечы і плач.

Жартуе паэт і смяецца,
Але над людзьмі ён не кпіць,
Бо радасць нялёгка даецца,
Бо жартам няцяжка і збіць.

А ён, недагледжаны, кволы,
Быў добры і стойкі салдат;
Заўсёды быў з моладдзю молад,
Старэйшы таварыш і брат.

Паэты працуюць, гаруюць,
Ваююць і песні пяюць.
Паэты жыццё не страхуюць,
Таму у вяках і жывуць.