Навекі слава

 

Навекі слава доблесным салдатам,
Што пераможна йшлі за свой народ
Ад легендарных камняў Сталінграда
Да Брандэнбургскіх выклятых варот!

Навекі слава нашым генералам,
І пяцікутнай зорцы агнявой,
I зброі, што Радзіма гартавала,
I непарушнай дружбе франтавой!

Мы з пачуццём адным ішлі змагацца
І праслаўлялі родныя палкі —
Уральцы, масквічы і ленінградцы,
Мінчане і латышскія стралкі.

Яшчэ й па сёння ходзіць рэха ў Альпах,
Яшчэ й па сёння водбліск не пагас
Ад нашых грозных пераможных залпаў
I ад сцягоў, што ў бой вадзілі нас.

Навекі слава тым, што ў полі ратным
Загінулі за родныя палі,
За наш народ, за лёс народаў братніх,
За дзень наступны усяе зямлі.

Няпраўда, што засыпалі іх жвірам, —
Ім у стагоддзях вечна жыць і жыць.
Стаяць яны, як абаронцы міру,
На самым на пярэднім рубяжы.

Стаяць на плошчах Прагі і Варшавы,
I воблік іх відзён здалёку нам,
Стаяць на варце нашай працы, славы,
На страх заакіянскім груганам.

Бяссмертныя іх помнікі крані ты —
I цеплыню адчуеш пад рукой:
Іх высеклі не з камняў, не з граніту, —
З людской любві, з удзячнасці людской.