Мы выцерпелі многа, Нас гора часта мяла. Для жыхара зямнога Скупога сонца мала. Не трэба мераць лета Працягласцю зімоўкі: «Лепш не пішы пра гэта, Пра цяжкасці замоўкні...» А па якой рацэ Плыве к нам столькі пошасці? Як мельнік у муцэ, Свет у хлусні і пошласці. Сумленныя мы ўсе, Ды рэдка дружым з подзвігам. Рака жыцця нясе Зашмат струменяў подленькіх. А як ачысціць муць? Скажы, якімі фільтрамі? Жывуць і ў вус не дзьмуць Прыстасаванцы хітрыя. З іх кожны быццам б'е Старое грозна розгамі, А сам дабро грабе, Схаваўшыся за лозунгі. Па мне дык лепш турботнае Жыццё, ды без хлусні. Змарыўся — плечы потныя Дажджом апаласні. Не заімшэй над градамі, Над скрынямі з дабром. Працуй, дружы і радуйся За наш вялікі дом. Бо трэба нам пакінуць Наследнікам навек Праўдзівую краіну Між салаўіных рэк.