«Чарох-Карабах, Чарох-Карабах», —
Па-азербайджанску цягнік гаворыць.
Заваконны вецер б'е па губах,
Вітаюць нас белымі шапкамі горы.
Люблю я вяршыняў магутны натоўп.
Якая ў іх годнасць і веліч!
А што там за імі?
Грымотны паток
Ці сонна сады ружавеюць?
Я чую ўжо мора прыглушаны звон,
А вунь і яно — навальнічнаю хмараю.
І логіка шумна ляціць пад адхон:
Дзе тут Балкарыя?
Дзе Балгарыя?
У горных рэспублік — арліны маштаб,
Калі яшчэ мора ды сонца,
Якой бы краіна малой ні была б —
Прасторы яе бясконцыя.
Зачараваны, бадзяюся я
Па вуліцах душных Сухумі.
Выходжу да мора, гляджу на маяк
У нейкай трывозе і суме.
Патокі сонца лагодна журчаць.
А колькі прыгожых дзяўчат,
Духмяных, нібы мацыёла,
Ад сонечнага мацыёну.
Прыезджыя гейшы тут п'юць айгешат,
А я цынандалі заказваю...
Відаць, то не гейшы. Яны не грашаць.
Яны захварэлі Каўказам.
I мне ж дастаткова твайго кіўка —
Я плюну на ўсе насмешкі
I зноў памчуся на сіні Каўказ
У пошуках згубленай сцежкі.