Мінску

 

Ляжыш ты, мой горад, як волат, распяты
На пыльным крыжы беларускіх дарог.
Нянавісць, і гора, і прагу расплаты
Сабраў ты па кроплі і ў сэрцы збярог.

Твой гонар і славу тваю абражае
Паганая лаянка п'яных салдат,
I смех прастытуткі, і мова чужая,
I свіст паліцэйскіх, і цені ад крат.

Знявечаны сталлю, закураны дымам,
Апалены чорным смяротным агнём,
Для нас ты застаўся красою Радзімы,
Надзеяй і заўтрашнім радасным днём.

На плошчах, па вуліцах попел гарачы
Не выпаліў след мой, не змыў яго дождж.
Я разам з табою пад трунамі плачу,
Мой горад любімы — мая маладосць!

Хачу аднаго я: па бруку шурпатым
Прайсціся яшчэ раз, зірнуць на муры:
Хачу пакланіцца руінам той хаты,
Дзе Янка Купала паэмы тварыў;

Над Свіслаччу з сябрам памарыць пра шчасце
Ці, сціснуўшы зубы, ў бядзе памаўчаць
I гэтыя вершы маўкліва ускласці
Жалобным вянком на магілы мінчан.

Мой Мінск дарагі і далёкі, далёкі,
Гартуй сваю ярасць, змагайся, дужэй!
Я радасць цяпер вымяраю на крокі —
Штодня да мяне ты бліжэй і бліжэй.

Калі ж не дайду, а сажне мяне куля, —
Памерці усё ж такі будзе лягчэй,
Апошні раз кінуўшы ў бок тваіх вуліц
Пагляд прадсмяротны журботных вачэй.