Мы знаем: ісці яшчэ доўга да Мінска
па цяжкай дарозе,
Па снезе, па ручаінах, па травах,
вільготных і цёплых...
А горад наш родны убачым —
і сэрцы заб'юцца ў трывозе,
Маўкліва яго прывітаем
і ступім паціху на попел.
Прагрукаюць танкі, і коні па бруку
працокаюць гулка,
Збягуцца мінчане насустрач
з лясоў і пахмурых зямлянак.
Мы знімем пілоткі і пройдзем
па спаленых вузкіх завулках,
Суровым дапытлівым вокам
у душы людскія заглянем.
I мы без памылкі пазнаем,
хто быў нам сястрою і братам,
Яны нам раскажуць, як ноччу
атрад партызанскі хавалі,
Як армію нашу чакалі,
як зброю на помсту кавалі —
І будзе ім хлеб, і спагада, і ласка, і новая хата.
Пазнаем і тых, што за грошы
сумленне сваё запрадалі.
Навостраны штык ім напомніць
прысягу на вернасць Радзіме,
Байцоў прадсмяротныя стогны
і матак глухія рыданні,
Хлуслівыя словы і сцежкі, якімі чужынцаў вадзілі.
Не будзе куды ім схавацца —
нянавісць узнімем сцяною.
Судзіць адшчапенцаў устануць
прабітыя кулямі дзеці,
Крывёю залітыя рэкі, падбітыя бомбамі хвоі,
Каменні забруджаных плошчаў
і чорны задымлены вецер.
I стрэлы на вырадках будуць
Пачаткам здабытага шчасця.