Люблю я друкароў,
Люблю лінатыпістак,
Ратацый грозны роў
З трывожным, тонкім свістам.
I свежай фарбы пах,
Што ўперамешку з газай.
Тут навіна, як птах,
Ляціць у друк адразу.
У друкароў запас
Навін на ўсе гучанні:
Часамі цешаць нас,
Часамі засмучаюць.
I ведалі яны
Куды раней за бога,
Калі канец вайны
Пратрубіць перамога.
Я з вамі фронт прайшоў,
Жыў у зямлянках душных,
Я рад, што вас знайшоў,
Такіх адданых, мужных.
Хацеў вам пажадаць
Хвіліны той сардэчна,
Каб вы змаглі набраць,
Што мір заключан вечны.
Ды чую: «Не пылі!»
Дык набярыце заўтра,
Што нашы адплылі
На Месяц касманаўты...
Калі ж вам прынясуць
Радок аб маёй смерці, —
Не стаўце ў паласу,
Хаць пару дзён не верце.